24 чэрвеня ў школе ў рамках інфармацыйна-адукацыйнай акцыі “Займальны маршрут” быў арганізаваны велапаход па маршруту “аграгарадок Вялікія Дольцы – вёска Замошша – аграгарадок Вялікія Дольцы”. Мэтай такой ініцыятывы стала прафілактыка супрацьпраўных паводзін, арганізацыя карыснага адпачынку, прававое выхаванне навучэнцаў. Менавіта летні час спрыяе забеспячэнню пераемнасці і неперарыўнасці адукацыйнага і выхаваўчага працэсу з максімальным выкарыстаннем магчымасцей установы адукацыі.
Чаму велапаход? Менавіта пад кіраўніцтвам педагога вучні паўтарылі праз практыку правілы паводзін пры яздзе на любімым відзе транспарту. Веласіпед не толькі станоўча ўплывае на здароўе, але і дае магчымасць шмат дзе пабываць і шмат чаго цікавага ўбачыць у межах роднага краю. І пры гэтым застацца законапаслухмяным грамадзянінам!
Чаму Замошша? Маленькая вёсачка на адлегласці 5 км ад школы захапляе сваёй прыгажосцю і размахам уражанняў. Па-першае, у цэнтры вёскі можна палюбавацца на былы вадзяны млын, пабудаваны ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў з каменя, які зараз выкарыстоўваецца пад жылы дом. Па-добраму пазайздросцілі мы ўладальнікам гэтай даміны, таму што тыя пастаянна могуць любавацца выглядам вадападу і слухаць яго шум. Уздоўж вёскі раскінулася прыгожае возера Замошша, якое ўваходзіць у курортную зону раёна. Тут нават ёсць аграсядзіба з прыгожай беларускай назвай “Марусіна хата”. Населены пункт у асноўным складаецца з дагледжаных сядзіб дачнікаў, сярод якіх самым знакамітым з’яўляецца дом Валерыя Скарыжонка, экс-саліста “Песняроў”. І хоць сучасная моладзь мае зараз іншы музычны густ, аповед пра славуты ВІА і яго рэпертуар хлопцаў зацікавіў. За сядзібай з пірса мы любаваліся прыгажосцю водных краявідаў. А ці не запрасіць Валерыя Скаражонка да нас у госці ў школу?
Праехаўшы праз усю вёску, мы прадоўжылі наш шлях праз лясок. Хутка воддаль ад дарогі ўбачылі могільнік. Ён асаблівы тым, што гадоў з дзясятак назад тут былі заўважаны старыя каменныя крыжы, якія паступова ўзнікалі з-пад зямлі. Хлопцы з цікавасцю разглядалі “жывыя крыжы” і ціха паміж сабою перагаворваліся аб незвычайнасці нашай гісторыі.
Едзем далей. Праз нейкі час каля дарогі бачым першыя суніцы, якія прывялі ў захапленне ўсіх удзельнікаў паходу. Якія ж смачныя першыя ягады лета! Тут хлопцы наперабой пачынаюць расказваць пра свае ягадныя планы на летні сезон, бо наперадзе - чарніцы. Цікава было паслухаць пра тое, якое варэнне любяць нашы дзеці і якія апетытныя кампоты нарыхтоўваюцца ў іх сем’ях. Аказваецца, нарыхтоўка ягад, грыбоў і траў з’яўляецца не толькі крыніцай заробку, але і карыснай формай правядзення вольнага часу.
Пад прахалодай дрэў едзем далей і выязджаем да возера Царкавішча. Прыгожы бераг прыцягвае ўвагу многіх людзей, якія жадаюць добра адпачыць. І мяркуючы па нумарах машын, гэта госці нават са сталіцы. Колькі ж было радасці хлопцам, калі яны ўбачылі сучасныя снасці для лоўлі рыбы, нават патрымалі ў руках злоўленага шчупака. Па возеры ў гэты час ездзілі маторныя лодкі. Адным словам, зямны рай! Купацца мы не сталі, а вось як і дзе гэта можна рабіць, хлопцы расказалі на “дзясятку”. Заняткі АБЖ не прайшлі дарма! Гадзіна, адведзеная на дадзены прыпынак, праляцела хутка. Нехаця пакінулі мы возера і прадоўжылі шлях, які набліжаў нас ужо дадому. Праехаўшы з паўкіламетра, аказваемся ля ўказальніка, які зроблены і ўстаноўлены вясной нашымі вучнямі пад кіраўніцтвам настаўніка біялогіі Шышова В.М.. Стрэлка паказвала, дзе знаходзіцца добраўпарадкаваная імі жывільная крыніца. Мысцовыя старажылы расказваюць, што ў пачатку ХХ стагоддзя тут рос дуб, з-пад якога і выцякала крыніца. Яе вада лічылася гаючай, і людзі хадзілі сюды лячыць вочы, а ў дупло складвалі ахвярапрынашэнне – плату за лячэнне. У 1923 годзе, падчас барацьбы з рэлігіяй, дуб быў спалены, але мясцовыя жыхары прадаўжалі хадзіць на гэта святое месца. Вясной быў пасаджаны малады дубок, і хоць ён знаходзіцца зараз не над крыніцай, але з’яўляецца арыенцірам на шляху да яе. Кожны з падарожнікаў пакаштаваў вады і прызнаўся, што яна мае выдатныя смакавыя якасці. Набралі вады і з сабой у бутэлькі, каб прывезці гасцінец дамоў. І зноў калёсы весела пакаціліся па лясной дарожцы. Зараз наступны пункт прыпынку – вёска Царкавішча. Але высветлілася, што гэта не так. Валеру зацікавіў мурашнік, і таму ўся група спынілася. Паназіраўшы за работай лясных працаўнікоў, завялі гутарку пра багацце нашага лесу. Як аказалася, дзеці не абыякавыя да экалагічных праблем. Яны хочуць, каб у лесе было чыста, утульна, не было пажараў. Закончыўся лес, і мы выехалі да вёскі Царкавішча, наведалі магазін і стройным ланцужком выехалі на трасу, якая вядзе на Дольцы. Бачна, што хлопцы таксама добра ведаюць аб тым, як трэба сябе весці на дарозе падчас язды на веласіпедзе.
Такім чынам, наша вандроўка пакінула толькі добрыя ўражанні, спрыяла развіццю творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу дзяцей на прыкладзе выкарыстання мясцовага матэрыялу. А таксама дазволіла на практыцы адпрацаваць набытыя падчас адукацыйнага працэсу прававыя веды.

