Багата на таленты наша ўшацкая зямля. І асабліва праявілася гэта на літаратурнай ніве. З нагоды юбілея Рыгора Іванавіча ў нашай Вялікадолецкай школе была падрыхтавана гасцёўня “Баравая мая Ушаччына”. Актавая зала была святочна ўбрана. На сцэне, на стале, партрэт Рыгора Іванавіча і запаленая свяча-дань памяці паэту. Вакол стала-вядучыя і ўдзельнікі свята. Выступоўцы расказвалі пра хутар Верасовачка, дзе нарадзіўся паэт, пра дзяцінства малога Рыгоркі, пра маці Акуліну Андрэеўну, пра бацьку , які загінуў на вайне. Прыгадалі гады вучобы ва Ушацкай школе і паступленне на філалагічны факультэт БДУ. Вучні чыталі вершы паэта ( конкурс чытальнікаў вершаў паэта). Вядучыя расказвалі пра першыя і апошнія зборнікі паэта і, наогул, пра ўсе выданні Рыгора Іванавіча. Усваіх зборніках паэт ад шчырага сэрца вёў сваё лірычнае бытапісанне, разгортваў малюнкі вялікай Радзімы па якой выезджана і выхаджана на безліч дарог ад Прыбалтыкі да Прымор’я і Ціхага акіяна, ад гарадоў суровай Поўначы да сівога Паміра.Але дзе б ні падарожнічаў, па якіх бы дарогах ні хадзіў, сэрца яго заўсёды тут, на партызанскіх сцяжынках Ушаччыны, на палях і ў лясах роднай Беларусі. Гучалі песні на вершы паэта. Узгадалі вядучыя цёплыя словы паэта пра сяброўскія адносіны з Васілём Быкавым.
Сярод нашых знакамітых паэтаў – землякоў яркай зоркай ззяе жаночае імя – Еўдакія Лось.
Экскурсаводы ў музеі школы падрыхтавалі цікавую і змястоўную экскурсію “Ад сакавіка да ліпеня. Паэтычны кругабег.” Вучні чыталі вершы паэтэсы пра краявіды Ушаччыны, пра родную вёску Старына, пра маці і брата, які загінуў на вайне, пра сыночка –“ васілёчка”, якога любіла больш чым жыццё. У асобе Еўдакіі Лось спалучыліся таленавіты паэт і актыўная, дзейсная, неардынарная асоба. Лёс не адмерыў ёй нават паўстагоддзя – яна пайшла з жыцця ў росквіце творчых здольнасцей і магчымасцей. Нібыта адчуваючы свой заўчасны адыход, спяшалася шмат паспець: сустрэчы з чытачамі, праца ў літаратурна-мастацкіх выданнях, паездкі, выступленні, вершы, проза, кніжкі для дзяцей, рэцэнзіі, пераклады. Адчувала свой час, жыла яго клопатамі і здолела выказаць разуменне гэтага часу ў сваіх творах.
Па традыцыі , напярэдадні дня нараджэння славутай зямлячкі, вучні ў рамках паходу выхаднога дня наведалі яе радзіму , вёску Старыну.