Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Учителю-предметнику

Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу

Адукацыйны працэс пры рэалізацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі арганізуецца ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей – Кодэкс аб адукацыі), Палажэннем аб установе агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2022 г. № 322 (далей – Палажэнне аб установе агульнай сярэдняй адукацыі), вучэбна-праграмнай дакументацыяй адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі.

Арганізацыя адукацыйнага працэсу ўключае ў сябе тэарэтычную і практычную падрыхтоўку, выхаваўчую работу, самастойную работу вучняў, атэстацыю вучняў.

1. Пачатак і завяршэнне чвэрцяў, канікул

У 2023/2024 навучальным годзе арганізацыя адукацыйнага працэсу ажыццяўляецца па чвэрцях у наступныя тэрміны:

першая чвэрць – з 1 верасня 2023 г. па 28 кастрычніка 2023 г.;

другая – з 8 лістапада 2023 г. па 23 снежня 2023 г.;

трэцяя – з 8 студзеня 2024 г. па 23 сакавіка 2024 г.;

чацвёртая – з 1 красавіка 2024 г. па 31 мая 2024 г., а для вучняў IX і XI (XII) класаў – з 1 красавіка 2024 г. па 25 мая 2024 г.

На працягу навучальнага года ўстанаўліваюцца канікулы:

восеньскія – 9 дзён (з 29 кастрычніка 2023 г. па 7 лістапада 2023 г. уключна);

зімовыя – 15 дзён (з 24 снежня 2023 г. па 7 студзеня 2024 г. уключна);

вясновыя – 8 дзён (з 24 сакавіка 2024 г. па 31 сакавіка 2024 г. уключна);

летнія – 92 дні (з 1 чэрвеня 2024 г. па 31 жніўня 2024 г. уключна) для вучняў, якія завяршылі навучанне на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі; 81 дзень (з 12 чэрвеня 2024 г. па 31 жніўня 2024 г. уключна) для вучняў, якія завяршылі навучанне на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі; 85 дзён (з 8 чэрвеня 2024 г. па 31 жніўня 2024 г. уключна) для вучняў Xкласа.

Для вучняў І і ІІ класаў (ІІІ класаў – для вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з пяцігадовым тэрмінам навучання на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі) у трэцяй чвэрці праводзяцца дадатковыя зімовыя канікулы з 19 лютага 2024 г. па 25 лютага 2024 г. працягласцю 7 дзён.

2. Асноўныя патрабаванні да адукацыйнага працэсу

Асноўныя патрабаванні да адукацыйнага працэсу ўстаноўлены ў артыкуле 83 Кодэкса аб адукацыі.

2. Арганізацыя факультатыўных, стымулюючых, падтрымліваючых заняткаў, кансультацый, заняткаў гульнявымі відамі спорту

Факультатыўныя заняткі для вучняў I–IV класаў праводзяцца ў рэжыме пяцідзённага вучэбнага тыдня. Для вучняў V–XI (XII) класаў факультатыўныя заняткі могуць праводзіцца ў рэжыме шасцідзённага тыдня. У шосты школьны дзень могуць праводзіцца заняткі па гульнявых відах спорту для вучняў I–XI (XII) класаў.

напаўняльнасць групы для арганізацыі факультатыўных, стымулюючых і падтрымліваючых заняткаў, кансультацый павінна складаць:

не менш за 3 вучні пры правядзенні факультатыўных заняткаў ва ўстановах адукацыі, размешчаных у сельскіх населеных пунктах;

не менш за 5 вучняў пры правядзенні факультатыўных заняткаў ва ўстановах адукацыі, размешчаных у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу;

не менш за 3 вучні пры правядзенні стымулюючых, падтрымліваючых заняткаў і кансультацый (для вучняў вячэрніх класаў сярэдняй школы, якія атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю ў завочнай форме).

Звяртаем таксама ўвагу на тое, што:

саставы груп для правядзення факультатыўных заняткаў пры рэалізацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі зацвярджаюцца загадам кіраўніка ўстановы адукацыі або ўпаўнаважанай ім асобай (падстава – пункт 53 Палажэння аб установе агульнай сярэдняй адукацыі);

працягласць перапынкаў паміж вучэбнымі і факультатыўнымі заняткамі вызначаецца ўстановай адукацыі, зыходзячы з канкрэтных умоў дзейнасці, арганізацыі харчавання вучняў і іх адпачынку, з улікам патрабаванняў, устаноўленых у Дадатку 12 да спецыфічных санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў да зместу і эксплуатацыі ўстаноў адукацыі, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 жніўня 2019 г. № 525 (у рэдакцыі ад 15 лістапада 2022 г. № 780, далей – ССЭП). Так, пры арганізацыі адукацыйнага працэсу павінны быць перапынкі працягласцю не менш за 15 хвілін для арганізацыі гарачага харчавання вучняў з улікам іх колькасці і месцаў у абедзеннай зале і дынамічнага перапынку (але не менш за два перапынкі); перапынак не менш за 15 хвілін паміж першай і другой зменай вучэбных заняткаў (заняткаў); факультатыўныя, стымулюючыя, падтрымліваючыя заняткі могуць праводзіцца не раней чым праз 20 хвілін пасля заканчэння вучэбных заняткаў, перад вучэбнымі заняткамі ў выпадку іх пачатку не раней за 9.00, перад пачаткам вучэбных заняткаў у другую змену.

 

АКТУАЛЬНЫЯ АСПЕКТЫ НАВУЧАННЯ І ВЫХАВАННЯ ПРЫ РЭАЛІЗАЦЫІ АДУКАЦЫЙНЫХ ПРАГРАМ АГУЛЬНАЙ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ

У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 10 Кодэкса аб адукацыі мэтамі адукацыі ў дачыненні да агульнай сярэдняй адукацыі з'яўляюцца: фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму; інтэлектуальнае, духоўна-маральнае, творчае, фізічнае развіццё асобы вучня; фарміраванне ў яго ведаў, уменняў, навыкаў і кампетэнцый.

Дасягненню мэт агульнай сярэдняй адукацыі садзейнічае кампетэнтнасны падыход да арганізацыі адукацыйнага працэсу, фарміраванне і развіццё функцыянальнай адукаванасці вучняў, рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў, факультатыўных заняткаў.

Функцыянальная адукаванасць як інструмент фарміравання кампетэнцый. Падрыхтоўка да нацыянальнага даследавання якасці адукацыі

Сутнасць функцыянальнай адукаванасці заключаецца ў здольнасці вучня самастойна ажыццяўляць вучэбную дзейнасць і прымяняць набытыя веды, уменні і навыкі для вырашэння жыццёвых задач у розных сферах дзейнасці, зносін і сацыяльных адносін.

Такія веды, уменні і навыкі могуць быць набыты вучнямі, калі навучанне і выхаванне маюць дзейнасны характар, адукацыйны працэс арыентаваны на развіццё самастойнасці і адказнасці вучня за вынікі сваёй вучэбнай дзейнасці.

Самастойная падрыхтоўка вучняў да вучэбных заняткаў, выкананне заданняў, дадзеных настаўнікам у межах вучэбнай праграмы для выканання ў пазавучэбны час (далей – дамашняе заданне), ажыццяўляецца вучнямі ў хатніх і іншых умовах, у тым ліку ў лічбавым адукацыйным асяроддзі, і прадугледжвае выкананне заданняў у вуснай, пісьмовай, практычнай формах або іх спалучэнні з мэтай удасканалення, развіцця і практычнага прымянення прадметных ведаў і ўменняў, якія фарміруюцца ў ходзе вучэбных заняткаў, універсальных вучэбных дзеянняў і іх выкарыстання для вырашэння вучэбных, вучэбна-пазнавальных і вучэбна-практычных задач у адпаведнасці з асноўнымі патрабаваннямі да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, якія вызначаны ў вучэбнай праграме. Пры гэтым вызначэнне аб'ёму дамашніх заданняў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі з улікам узроставых, псіхафізічных асаблівасцей, здольнасцей і інтарэсаў вучняў.

Індыкатарам якасці адукацыі ў частцы фарміравання функцыянальнай адукаванасці з'яўляецца нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі (НДЯА), якое ставіць сабе за мэту праверку наяўнасці такіх ведаў, уменняў і навыкаў, якія могуць дапамагчы вучням у рэальных жыццёвых сітуацыях.

У лістападзе 2023 года плануецца правядзенне нацыянальнага даследавання якасці адукацыі (далей – НДЯА), у якім прымуць удзел вучні Х класа.

НДЯА накіравана на праверку функцыянальнай адукаванасці вучняў – здольнасці, якая забяспечвае эфектыўнае функцыянаванне чалавека ў розных сферах жыццядзейнасці.

Даследаванне ўключае выкананне дыягнастычнай работы (на працягу 90 хвілін), анкетаванне вучняў і педагагічных работнікаў. Кожны вучань (удзельнік НДЯА) атрымае варыянт дыягнастычнай работы, які змяшчае заданні па двух галінах функцыянальнай адукаванасці: чытацкай і матэматычнай або прыродазнаўчанавуковай і фінансавай.

Дыягнастычная работа будзе накіравана на праверку здольнасцей вучняў выкарыстоўваць атрыманы на вучэбных занятках досвед (засвоеныя веды, уменні, спосабы дзейнасці) для вырашэння жыццёвых праблем, змадэляваных у заданнях.

Актуальную інфармацыю аб падрыхтоўцы да даследавання можна знайсці на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/Галоўная / Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі (НДЯА).

Трэніровачныя варыянты дыягнастычнай работы будуць размешчаны ў пачатку 2023/2024 навучальнага года.

Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў, факультатыўных заняткаў

У 2023/2024 навучальным годзе актуальна рэалізоўваць у адукацыйным працэсе выхаваўчы патэнцыял вучэбных прадметаў, факультатыўных заняткаў з мэтай фарміравання ў вучняў грамадзянскасці, патрыятызму, паважлівага стаўлення да гістарычнага мінулага, стваральнай працы як галоўнай умовы развіцця беларускай дзяржавы. Вырашэнне гэтых задач павінна садзейнічаць фарміраванню атмасферы міру і згоды ў беларускім грамадстве і быць непасрэдна звязана з дасягненнем вучнямі асобасных адукацыйных вынікаў, пэўнымі адукацыйнымі стандартамі агульнай сярэдняй адукацыі і вучэбнымі праграмамі па вучэбных прадметах, вучэбнымі праграмамі факультатыўных заняткаў, у тым ліку змест якіх накіраваны на вывучэнне гістарычных, геаграфічных, сацыяльна-эканамічных, культурных асаблівасцей рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь.

Інфармуем, што асаблівасці фарміравання і развіцця функцыянальнай адукаванасці вучняў пры вывучэнні зместу вучэбных прадметаў, рэкамендуемыя метады навучання і выхавання, заданні для выканання вучнямі, а таксама асаблівасці рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў выкладзены ў дадатках 1–22 да гэтага пісьма.

Акрамя таго, падрыхтавана пісьмо па выкарыстанні ў адукацыйным працэсе вынікаў расследавання Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд:https://adu.by/Галоўная / Адукацыйны працэс. 2023/2024 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Інструктыўна-метадычныя пісьмы.

Улічваючы вялікі адукацыйны патэнцыял экскурсій, значную колькасць экскурсійных аб'ектаў і турыстычных маршрутаў у Рэспубліцы Беларусь, у 2023/2024 навучальным годзе неабходна працягнуць арганізацыю і правядзенне экскурсій. Варта прадугледзець арганізацыю экскурсій для вучняў І–ХІ класаў у межах арганізацыі адукацыйнага працэсу на працягу любога вучэбнага дня тыдня (з панядзелка па пятніцу), а таксама ў пазаўрочны час, у тым ліку і ў шосты школьны дзень.

Метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі экскурсій для вучняў І–ХІ класаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, пералік экскурсійных аб'ектаў і турыстычных маршрутаў, якія рэкамендуюцца для наведвання вучнямі ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаны ў разделе нацыянальнага адукацыйнага партала: https://vospitanie.adu.by/Арганізацыя выхавання / Метадычныя рэкамендацыі.

Дапрофільная падрыхтоўка і прафарыентацыйная работа

Дапрофільная падрыхтоўка і прафарыентацыйная работа з'яўляюцца абавязковым падрыхтоўчым этапам для свядомага выбару вучнямі ўзроўню асноўнай адукацыі з улікам уласнай індывідуальнасці для працягу адукацыі па завяршэнні навучання і выхавання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі, які арыентаваны:

на выяўленне інтарэсаў, схільнасцей і здольнасцей вучняў;

аказанне псіхолага-педагагічнай дапамогі вучням у выбары вучэбных прадметаў для іх вывучэння на павышаным узроўні ў VIII–IX класах, факультатыўных заняткаў, профілю адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі;

фарміраванне ў вучняў унутранай патрэбы і гатоўнасці да свядомага выбару сферы працоўнай дзейнасці, умення суадносіць свае інтарэсы і здольнасці з патрабаваннямі, якія вылучаюцца выбранай сферай працоўнай дзейнасці;

развіццё ў вучняў пазнавальных інтарэсаў і пазнавальнай актыўнасці, крэатыўнасці, здольнасці да прыняцця рашэння ў нестандартных сітуацыях, неабходнай для працоўнай мабільнасці.

Асноўнымі структурнымі кампанентамі дапрофільнай падрыхтоўкі з'яўляюцца:

прафарыентацыйная работа (інфармаванне, кансультаванне, дыягностыка і іншыя этапы прафарыентацыйнай работы);

псіхолага-педагагічнае суправаджэнне;

факультатыўныя заняткі;

аб'яднанні па інтарэсах;

адукацыйныя мерапрыемствы;

вывучэнне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні ў VIII–IX класах.

У адукацыйнай практыцы могуць рэалізоўвацца наступныя мадэлі арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і прафарыентацыйнай работы:

у межах адной установы агульнай сярэдняй адукацыі;

у форме сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі;

у форме сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

З мэтай стварэння ўмоў для фарміравання гатоўнасці да прафесійнага самавызначэння, аказання інфармацыйнай падтрымкі вучням у выбары сферы будучай прафесійнай дзейнасці, выпрацоўкі ў вучняў станоўчых эмацыянальных адносін да працэсу выбару сферы будучай прафесійнай дзейнасці рэкамендуем выкарыстоўваць наступныя найменні вучэбных праграм факультатыўных заняткаў у VIII і IX класах:

«Прафесія маёй мары»;

«Школа юных абаронцаў Айчыны»;

«Асновы экалогіі і прафесійная будучыня»;

«Турызм».

Названыя вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2023/2024 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў прафесійнай накіраванасці.

Для вучняў IX класа, якія жадаюць працягнуць адукацыю па тэхнічных спецыяльнасцях на ўзроўнях прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, рэкамендуем арганізаваць факультатыўныя заняткі, накіраваныя на павышэнне іх графічнай адукаванасці, па вучэбнай праграме «Тэхнічная графіка», зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2020 г. № 164, з выкарыстаннем падручніка Чарчэнне : падручнік для 9 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання / В. Н. Вінаградаў. Мінск : Нацыянальны інстытут адукацыі, 2014. – 216 с. (Черчение для 9 класса учреждений общего среднего образования с русским языком обучения / В. Н. Виноградов. Минск : Национальный институт образования, 2014. – 216 с.)

Вучэбныя праграма факультатыўных заняткаў і падручнік размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2023/2024 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў прафесійнай накіраванасці.

Профільнае навучанне. Прафесійная падрыхтоўка

Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады, зацверджанай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 ліпеня 2021 г. № 292, вызначана, што асноўнай умовай будучага эканамічнага, палітычнага і сацыяльна-культурнага росквіту краіны выступае павышэнне канкурэнтаздольнасці адукацыі.

Прыярытэтным напрамкам у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі з'яўляецца працяг работы па павышэнні гнуткасці і варыятыўнасці вучэбных планаў, што дазволіць выбудаваць індывідуальную адукацыйную траекторыю вучняў, якая будзе садзейнічаць іх ранняй прафесійнай арыентацыі і прафесійнаму самавызначэнню.

Актуальна, разам з функцыянаваннем профільных класаў (груп) педагагічнай, спартыўна-педагагічнай, ваенна-патрыятычнай, аграрнай накіраванасці, стварэнне профільных класаў (груп) тэхніка-тэхналагічнай, інжынернай накіраванасці, а таксама забеспячэнне прафесійнай падрыхтоўкі (за выключэннем вызваленых ад прафесійнай падрыхтоўкі па медыцынскіх паказаннях) вучняў базавых X–XI класаў.

Звяртаем увагу на тое, што для функцыянавання класаў (груп) тэхніка-тэхналагічнай, інжынернай накіраванасці распрацаваны і зацверджаны Міністэрствам адукацыі вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў «У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію» (па вучэбных прадметах «Інфарматыка», «Фізіка», «Геаграфія», «Матэматыка», «Хімія», «Біялогія»); «Уводзіны ў прафесіі чыгуначнага транспарту». Указаныя вучэбныя праграмы размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2023/2024 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў прафесійнай накіраванасці.

НАВУКОВА-МЕТАДЫЧНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ

Вучэбна-праграмная дакументацыя адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі

Згодна з пунктам 4 артыкула 163 Кодэкса аб адукацыі:

установы адукацыі распрацоўваюць вучэбны план на 2023/2024 навучальны год на аснове тыпавых вучэбных планаў для ўсіх відаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі,зацверджаных пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 16 мая 2022 г. № 120 «Аб тыпавых вучэбных планах агульнай сярэдняй адукацыі».

УАСА, у якіх створаны вячэрнія класы, пры распрацоўцы вучэбнага плана на 2023/2024 навучальны год для вячэрніх класаў выкарыстоўваюць частку тыпавога вучэбнага плана, якая датычыцца вячэрніх класаў,з улікам формы атрымання адукацыі і асаблівасцей адукацыйнага працэсу ў вячэрніх класах, арганізацыі сесій;

УАСА, у якіх вывучаюцца мова нацыянальнай меншасці, літаратура нацыянальнай меншасці; якія арганізуюць адукацыйны працэс дома, у арганізацыях аховы здароўя, санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях; якія арганізуюць адукацыйны працэс для вучняў у перыяд удзелу іх у спартыўных мерапрыемствах па-за месцам знаходжання ўстаноў адукацыі, у якіх яны навучаюцца, а таксама для вучняў, якія ўтрымліваюцца пад вартай у следчых ізалятарах, папраўчых установах, пры распрацоўцы адпаведнага вучэбнага плана выкарыстоўваюць тыпавы вучэбны план сярэдняй школы.

Універсітэты, якія рэалізуюць адукацыйную праграму сярэдняй адукацыі, пры распрацоўцы вучэбнага плана выкарыстоўваюць тыпавы вучэбны план ліцэя.

Да пачатку 2023/2024 навучальнага года праведзены аналіз і (пры неабходнасці) карэкціроўка дзеючых вучэбных праграм па ўсіх вучэбных прадметах з пункту гледжання сістэмнасці прадстаўлення зместу вучэбных прадметаў у вучэбных праграмах, уліку ўзроставых асаблівасцей вучняў, а таксама ў адпаведнасці з патрабаваннямі, устаноўленымі пунктамі 8, 11 артыкула 163 Кодэкса аб адукацыі.

Карэкціроўка прадугледжвала:

выключэнне на I і II ступенях агульнай сярэдняй адукацыі складаных у навуковых адносінах элементаў зместу вучэбнага прадмета;

рэгуляванне (скарачэнне) агульнай колькасці вывучаемых паняццяў і аб'ектаў;

арыентацыю праграмных фармулёвак на задавальненне пазнавальных інтарэсаў вучняў у адпаведнасці з узростам;

уключэнне праграмных фармулёвак, накіраваных на фарміраванне традыцыйных каштоўнасных установак.

Пры рэалізацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі выкарыстоўваюцца вучэбныя праграмы па вучэбных прадметах, акрамя вучэбных праграм па вучэбных прадметах (модулях), змест якіх накіраваны на развіццё здольнасцей вучняў у галіне асобных відаў мастацтва, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі ў 2023 годзе. Па вучэбных прадметах (модулях), змест якіх накіраваны на развіццё здольнасцей вучняў у галіне асобных відаў мастацтва, выкарыстоўваюцца вучэбныя праграмы, зацверджаныя Міністэрствам культуры.

Вучэбныя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах для кожнага класа размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2023/2024 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. IIV класы; Вучэбныя прадметы. VXI класы.

Вучэбныя выданні

У новым навучальным годзе ў адукацыйным працэсе будуць выкарыстоўвацца вучэбныя выданні, уключаныя ў «Пералік вучэбных выданняў, якія прыгодныя для выкарыстання ў бібліятэчных фондах устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, у 2023/2024 навучальным годзе» (зацверджаны Міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь 06.02.2023). Гэты дакумент апублікаваны ў бюлетэні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Зборнік нарматыўных дакументаў» (№ 7, 2023), размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by /Галоўная / Адукацыйны працэс. 2023/2024 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Пералікі вучэбных выданняў.

Электронныя версіі вучэбных дапаможнікаў размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале (http://e-padruchnik.adu.by).

Рэкамендацыі па рабоце з вучэбнымі дапаможнікамі размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2023/2024 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. IIV класы; Вучэбныя прадметы.
VXI класы
.

У дадатак да падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па кожным вучэбным прадмеце ёсць вучэбна-метадычныя дапаможнікі для настаўнікаў, а таксама выданні для вучняў, якія могуць выкарыстоўвацца ў адукацыйным працэсе, аднак не з'яўляюцца абавязковымі. Змест падручнікаў (вучэбных дапаможнікаў) з'яўляецца дастатковым для поўнага засваення зместу вучэбных праграм. Рашэнне аб мэтазгоднасці выкарыстання дадатковых выданняў для вучняў прымаецца настаўнікам-прадметнікам з улікам запытаў вучняў, а таксама іх гатоўнасці выкарыстоўваць дадатковыя выданні на ўроку або пры выкананні дамашняга задання.

Звяртаем асаблівую ўвагу на тое, што рабочыя сшыткі на друкаванай аснове не з'яўляюцца абавязковымі для выкарыстання ўсімі вучнямі, за выключэннем рабочага сшытка па матэматыцы для вучняў I класа. Настаўнік не мае права патрабаваць ад вучняў, законных прадстаўнікоў непаўналетніх вучняў набыцця рабочых сшыткаў на друкаванай аснове.

Вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў

Факультатыўныя заняткі праводзяцца з выкарыстаннем вучэбных праграм, распрацаваных і зацверджаных у адпаведнасці з патрабаваннямі, вызначанымі ў пунктах 9 і 11 артыкула 163 Кодэкса аб адукацыі.

Рэкамендуем таксама выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў, змест якіх накіраваны на вывучэнне гістарычных, геаграфічных, сацыяльна-эканамічных, культурных асаблівасцей рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь.

Інфармуем, што дадаткова да асобных вучэбных праграм факультатыўных заняткаў выдадзены дапаможнікі для вучняў і настаўнікаў; дапаможнікі для настаўнікаў; дапаможнікі для вучняў, якія выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе пры правядзенні факультатыўных заняткаў у комплексе (далей – кампаненты вучэбна-метадычнага комплексу (ВМК) для факультатыўных заняткаў).

Кампаненты асобных ВМК для факультатыўных заняткаў размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2023/2024 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. IIV класы; Вучэбныя прадметы. VXI класы.

Вучэбна-метадычная дакументацыя

У 2023/2024 навучальным годзе ў адукацыйным працэсе выкарыстоўваецца вучэбна-метадычная дакументацыя (метадычныя ўказанні, метадычныя рэкамендацыі, інструктыўна-метадычныя пісьмы, іншыя дакументы), размешчаная на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/Галоўная / Адукацыйны працэс. 2023/2024 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя.

Кантрольна-вымяральныя матэрыялы

Кантрольна-вымяральныя матэрыялы, прызначаныя для ажыццяўлення кантролю вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па адпаведным вучэбным прадмеце пры правядзенні іх атэстацыі
ў 2023/2024 навучальным годзе, размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/Галоўная / Адукацыйны працэс. 2023/2024 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Пералікі дапаможнікаў для педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі

Звяртаем увагу, што кантрольныя работы праводзяцца ў адпаведнасці з графікам, зацверджаным кіраўніком (намеснікам кіраўніка) установы агульнай сярэдняй адукацыі, не больш чым па адным вучэбным прадмеце ў дзень у адным класе. Правядзенне кантрольных работ у пятніцу і на апошніх уроках забараняецца (пункт 67 ССЭП).

Дадатковыя рэсурсы

Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу можна выкарыстоўваць адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс – https://eior.by.Яго прызначэнне – падтрымка вучняў, якія атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю ў адпаведнасці з індывідуальным вучэбным планам, а таксама вучняў, якія па ўважлівых прычынах часова не могуць наведваць установу адукацыі.

Карысную інфармацыю для падрыхтоўкі да вучэбных заняткаў можна знайсці на рэсурсе: http://e-asveta.adu.by/index.php/konkursi-olimpiadi-proekti/proektyi-pobediteli-koi/132-matematika-fizika-astronomiya праекты пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт».

Комплексная інфармацыйная падтрымка ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу

Пры арганізацыі дзейнасці ўстаноў адукацыі, а таксама рэалізацыі адукацыйных праграм па фарміраванні прававой культуры вучняў неабходна забяспечыць выкарыстанне афіцыйных крыніц прававой інфармацыі. Першакрыніцай дакладнай і актуальнай прававой інфармацыі з'яўляецца эталонны банк даных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, які фарміруецца Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь і распаўсюджваецца ў складзе інфармацыйна-пошукавых сістэм (далей – ІПС) «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE» (www.etalonline.by). Гэтыя сістэмы дазваляюць атрымаць доступ да афіцыйнай прававой інфармацыі ў актуальным стане і змяшчаюць не толькі ўвесь масіў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, але таксама матэрыялы судовай і правапрымяняльнай практыкі, формы дакументаў.

Для зручнасці выкарыстання прававой інфармацыі работнікамі сферы адукацыі ў прафесійнай дзейнасці ў ІПС «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE» функцыянуюць і пастаянна абнаўляюцца наступныя тэматычныя банкі даных (далей – БД):

БД «Адукацыя», які змяшчае прававыя акты, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў сферы адукацыі, пытанні атрымання адукацыі розных ступеней і ўзроўняў, сацыяльнай падтрымкі і абароны навучэнцаў; арганізацыю аздараўлення дзяцей; напрамкі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, у тым ліку па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў; акты міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, а таксама прававыя акты, якія рэгламентуюць прафесійную дзейнасць педагагічных работнікаў;

БД «Тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты», які змяшчае адукацыйныя стандарты і нарматыўныя прававыя акты, якія з'яўляюцца структурнымі элементамі навукова-метадычнага забеспячэння адукацыі (вучэбныя праграмы, вучэбныя планы і іншыя матэрыялы); формы цэнтралізаваных і нецэнтралізаваных дзяржаўных статыстычных назіранняў; даведачную інфармацыю аб вядзенні дзяржаўнай справаздачнасці; формы ведамаснай справаздачнасці і ўказанні па іх запаўненні;

БД «Правы непаўналетніх», у які ўключаны дакументы, якія датычацца прававога становішча дзяцей, атрымання імі адукацыі, ажыццяўлення працоўнай дзейнасці, пытанняў, звязаных з прафілактыкай безнагляднасці непаўналетніх, іх адказнасці, а таксама прававыя акты па процідзеянні гандлю людзьмі.

Усе дакументы, уключаныя ў БД, сістэматызаваны па тэматычных раздзелах. Тэксты нарматыўных прававых актаў знаходзяцца ў актуальным стане.

З мэтай выхавання правасвядомасці ў дзяцей і падлеткаў створаны і функцыянуе Дзіцячы прававы сайт (www.mir.pravo.by). Гэта рэсурс, які дапамагае вучням зразумець, што такое права, і атрымаць першапачатковыя юрыдычныя веды; расказвае аб заканадаўстве Рэспублікі Беларусь і правах грамадзян нашай краіны. Інфармацыя падаецца ў займальнай і даступнай форме, у тым ліку праз гульнявыя сітуацыі, вырашэнне якіх садзейнічае набыццю вучнем навыкаў правамерных паводзін.

Комплексную інфармацыйную падтрымку ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу забяспечвае нацыянальны адукацыйны партал(https://adu.by).

У дапамогу педагагічным работнікам рэкамендуюцца наступныя раздзелы партала:

«Нарматыўныя прававыя дакументы» (у раздзеле прадстаўлены актуальныя нарматыўныя прававыя акты, якія рэгламентуюць адукацыйную дзейнасць устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі): https://adu.by/ Галоўная / Нарматыўныя прававыя дакументы;

«Адукацыйны працэс»(у раздзеле прадстаўлены адукацыйныя стандарты агульнай сярэдняй адукацыі; тыпавыя вучэбныя планы агульнай сярэдняй адукацыі; вучэбныя праграмы па вучэбных прадметах; вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў; пералікі вучэбных выданняў для вучняў і настаўнікаў; вучэбна-метадычная дакументацыя; іншыя актуальныя матэрыялы): https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2023/2024 навучальны год;

«Профільнае навучанне» (змяшчае вучэбна-метадычныя матэрыялы для вывучэння вучэбных прадметаў на павышаным узроўні
ў X–XI класах): http://profil.adu.by;

«Olimp» (арганізацыйнае суправаджэнне дыстанцыйных мерапрыемстваў: алімпіяд, рэспубліканскіх конкурсаў і іншых рэспубліканскіх адукацыйных мерапрыемстваў): http://olimp.adu.by;

«Абмяркоўваем вучэбныя праграмы, вучэбныя дапаможнікі» (у раздзеле размешчаны вынікі анкетавання па пытаннях якасці новых вучэбных дапаможнікаў, прадастаўлена магчымасць задаць пытанне аўтарам вучэбных дапаможнікаў і спецыялістам, а таксама тут можна пакінуць канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні зместу вучэбных прадметаў, вызначанага ў вучэбных праграмах): https://adu.by/ Галоўная / Абмяркоўваем вучэбныя праграмы, вучэбныя дапаможнікі;

«Рэспубліканскі маніторынг якасці адукацыі» (у раздзеле прадстаўлены інструктыўна-метадычныя і дыягнастычныя матэрыялы для арганізацыі і правядзення маніторынгавых даследаванняў якасці адукацыі, вынікі праведзеных маніторынгавых даследаванняў, рэкамендацыі па павышэнні якасці адукацыі): https://adu.by/Галоўная / Інфармацыя для педагогаў / Рэспубліканскі маніторынг якасці адукацыі;

«Выніковыя і ўступныя іспыты» (у раздзеле размешчаны нарматыўныя прававыя дакументы, экзаменацыйныя білеты, метадычныя матэрыялы для падрыхтоўкі і правядзення выніковых іспытаў па завяршэнні навучання і выхавання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку ў парадку экстэрнату, уступных іспытаў ва ўстановы адукацыі для атрымання агульнай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі і (або) сярэдняй спецыяльнай адукацыі): https://adu.by/ Галоўная / Інфармацыя для педагогаў / Выніковыя і ўступныя іспыты;

Модуль «Вялікая Айчынная вайна» (у раздзеле размешчаны каментарыі да вывучэння модуля «Вялікая Айчынная вайна», каляндарна-тэматычнае планаванне, вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў і дадатковыя матэрыялы): https://adu.by/ Галоўная /Модуль «Вялікая Айчынная вайна»;

«Прававая культура ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу» (у раздзеле размешчаны нарматыўныя прававыя дакументы, электронны кантэнт, накіраваны на аказанне прававой падтрымкі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, матэрыялы для правядзення тыдняў прававых ведаў ва ўстановах адукацыі, а таксама вучэбная праграма для арганізацыі і правядзення факультатыўных заняткаў, накіраваная на фарміраванне ў вучняў асноў культуры правоў чалавека): https://adu.by/ Галоўная / Інфармацыя для педагогаў / Прававая культура ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу;

«Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба ўстановы адукацыі» (у раздзеле размешчаны нарматыўныя прававыя дакументы, праграмна-планіруючая дакументацыя, інструктыўна-метадычныя матэрыялы, вучэбна-метадычная літаратура): https://adu.by/Галоўная / Адукацыйны працэс. 2023/2024 навучальны год / Агульняя сярэдняя адукацыя / Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба ўстановы адукацыі;

 

«Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі» (у раздзеле размешчаны нарматыўныя прававыя дакументы іінструктыўна-метадычныя матэрыялы ў сферы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, тыпавыя праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, вучэбна-метадычная літаратура): https://adu.by/Галоўная / Адукацыйны працэс. 2023/2024 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі.

Звяртаем увагу на тое, што на нацыянальным адукацыйным партале створаны раздзел «Арганізацыя выхавання» (https://vospitanie.adu.by), у якім размешчаны нарматыўныя прававыя акты і праграмна-планіруючая дакументацыя выхавання, інструктыўна-метадычныя матэрыялы ў сферы выхавання, артыкулы па тэорыі і практыцы выхавання, вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў выхаваўчай накіраванасці. Рэсурс уключае раздзелы:

«Школа Актыўнага Грамадзяніна» (у раздзеле размяшчаюцца матэрыялы для арганізацыі і правядзення мерапрыемстваў рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага праекта «ШАГ»): https://vospitanie.adu.by/ Школа Актыўнага Грамадзяніна;

«Актуальныя практыкі і тэхналогіі выхавання» (змяшчае матэрыялы па эфектыўнай практыцы патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення ў сучасных умовах ва ўстановах адукацыі; праекты пераможцаў XV Рэспубліканскага конкурсу «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт», якія прайшлі працэдуру экспертызы і могуць выкарыстоўвацца ў навучальным працэсе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь): https://vospitanie.adu.by/Актуальныя практыкі і тэхналогіі выхавання;

«Кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні» (каталог рэсурсаў і матэрыялаў для кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні): https://vospitanie.adu.by/Кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні;

«Бацькоўскі ўніверсітэт» (раздзел змяшчае метадычную дакументацыю па рэалізацыі праекта, інфармацыйна-метадычныя матэрыялы для правядзення заняткаў з бацькамі навучэнцаў): https://vospitanie.adu.by/Бацькоўскі ўніверсітэт;

«Выставы. Семінары» (змяшчае электронныя каталогі матэрыялаў, прадстаўленых на рэспубліканскіх выставах навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці вучнёўскай моладзі): https://vospitanie.adu.by/Выставы. Семінары;

«Прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў сярод навучэнцаў» (змяшчае інфармацыйна-метадычныя матэрыялы для правядзення класных гадзін, бацькоўскіх сходаў): https://vospitanie.adu.by/Прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў сярод навучэнцаў.

На нацыянальным адукацыйным партале (https://adu.by)у раздзеле «Электронныя адукацыйныя рэсурсы» (https://e-vedy.adu.by) размешчаны электронныя адукацыйныя рэсурсы для сістэмы агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Гэты рэсурс даступны для ўсіх жадаючых на бязвыплатнай аснове пасля працэдуры рэгістрацыі.

У раздзеле партала «Электронная бібліятэка» размешчаны:

электронныя версіі вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і для ўстаноў спецыяльнай адукацыі, дапушчаных Міністэрствам адукацыі да выкарыстання ў адукацыйным працэсе ў 2023/2024 навучальным годзе (http://e-padruchnik.adu.by, http://e-padruchnik-asabliva.adu.by);

электронныя дадаткі да вучэбных дапаможнікаў па замежных мовах (https://lingvo.adu.by);па інфарматыцы (http://informatika6.adu.by; http://informatika7.adu.by; http://informatika8.adu.by);

электронны адукацыйны рэсурс «Біялогія. 8 клас» (http://biologia8.adu.by);

электронны сродак навучання «Палітычная карта свету» (http://maps.adu.by);

электронны падручнік-навігатар «Арганічная хімія. 10 клас» (https://adu.by/ru/homeru/news/dnevnik-abiturienta/elektronnyj-uchebnik-navigator-organicheskaya-khimiya-10-klass?format=html);

электронныя вучэбныя выданні (https://adu.by/ru/homeru/elektronnaya-biblioteka/elektronnye-uchebnye-izdaniya?format=html).

Звяртаем увагу на раздзел нацыянальнага адукацыйнага партала «Пыталіся – адказваем»(тут можна задаць пытанне і атрымаць аператыўна адказ спецыяліста): https://adu.by/Главная / Пыталіся – адказваем.

ПЛАНАВАННЕ ПА ВУЧЭБНЫМ ПРАДМЕЦЕ. ВЯДЗЕННЕ ПЛАНАВАЙ І ЎЛІКОВА-СПРАВАЗДАЧНАЙ ДАКУМЕНТАЦЫІ, КЛАСНАГА ЖУРНАЛА

Нагадваем, што службовымі абавязкамі настаўніка, вызначанымі ў выпуску 28 Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых «Пасады служачых, занятых у адукацыі», зацверджанага пастановай Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь ад 29 ліпеня 2020 г. № 69, прадугледжана ажыццяўленне планавання па вучэбным прадмеце і вядзенне вызначанай планавай і ўлікова-справаздачнай дакументацыі.

Згодна з пунктам 1 пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2017 г. № 164 «Аб устанаўленні пераліку дакументаў, абавязковых для вядзення асобнымі педагагічнымі работнікамі, і выключэння практыкі прыцягнення педагагічных работнікаў да выканання работ, якія не адносяцца да выканання іх працоўных функцый» настаўнік абавязаны весці каляндарна-тэматычнае планаванне; паўрочнае планаванне; класны журнал; дзённікі вучняў.

Такім чынам, планаванне па вучэбным прадмеце ўключае ў сябе каляндарна-тэматычнае планаванне (на навучальны год), паўрочнае планаванне (на кожныя вучэбныя заняткі). Планаванне па вучэбным прадмеце афармляецца настаўнікам па сваім меркаванні на электронным або папяровым носьбіце (у друкаваным або рукапісным выглядзе).

Планаванне па вучэбным прадмеце

Настаўнік распрацоўвае каляндарна-тэматычнае планаванне (далей – КТП) з улікам часу, адведзенага ў вучэбнай праграме на вывучэнне асобных тэм па адпаведным вучэбным прадмеце. Гэта КТП зацвярджаецца кіраўніком установы адукацыі да пачатку навучальнага года.

Настаўнік мае права выкарыстоўваць прыкладнае КТП па адпаведным вучэбным прадмеце, рэкамендаванае навукова-метадычнай установай «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (далей – НІА). Пры выкарыстанні КТП, рэкамендаванага НІА, настаўнік можа ўносіць на працягу навучальнага года ў межах вучэбных гадзін, адведзеных на вывучэнне вучэбнага прадмета, у прыкладнае КТП карэктывы ў залежнасці ад узроўню вынікаў вучэбнай дзейнасці і пазнавальных магчымасцей вучняў, іншых аб'ектыўных абставін. У рубрыцы «Для заўваг» або на асобным аркушы, які ўкладваецца ў дапаможнік для настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі «Прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне», настаўнік фіксуе ўнесеныя змены і дапаўненні, якія ўзгадняюцца з кіраўніком установы адукацыі.

Па аналогіі афармляецца КТП па адпаведным вучэбным прадмеце пры арганізацыі вывучэння гэтага прадмета на павышаным узроўні ў VIII і IX класах. Пры выкарыстанні дапаможніка «Прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне» ў рубрыцы «Для заўваг» або на асобным аркушы, які ўкладваецца ў гэты дапаможнік, настаўнік фіксуе ўнесеныя дапаўненні (змены і дапаўненні), якія ўзгадняюцца з кіраўніком установы адукацыі.

Структурнымі элементамі паўрочнага планавання могуць быць: тэма ўрока; тып урока; арганізацыйная форма правядзення ўрока; мэты і задачы ўрока; абсталяванне, якое выкарыстоўваецца на ўроку; апісанне дзейнасці настаўніка і асноўных відаў дзейнасці вучняў; дамашняе заданне.

Пры пастаноўцы мэты вучэбных заняткаў трэба арыентавацца на задачы вывучэння вучэбнага прадмета (адукацыйныя, развіццёвыя, выхаваўчыя) і асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, вызначаныя ў вучэбнай праграме.

Пры вызначэнні дамашняга задання ў паўрочным планаванні неабходна ўлічваць, што дамашняе заданне з'яўляецца разнавіднасцю самастойнай вучэбнай дзейнасці вучня. Вызначаючы змест, аб'ём, форму выканання дамашняга задання, настаўнік павінен улічваць час на выкананне дамашняга задання па ўсіх вучэбных прадметах: для вучняў II класа ён павінен складаць не больш за 1,2 гадзіны; III–IV класаў – 1,5 гадзіны; V–VI класаў – 2 гадзіны; VII–VIII класаў – 2,5 гадзіны; IX–XI класаў – не больш за 3 гадзіны.

З мэтай папярэджання перагрузкі вучняў настаўнік абавязаны сачыць за дазіроўкай дамашняга задання, тлумачыць на вучэбных занятках змест, парадак і прыёмы яго выканання. Заданні павышанага ўзроўню складанасці могуць прапаноўвацца для самастойнага выканання вучням толькі па іх жаданні.

У адпаведнасці з падпунктам 1.3 пункта 1 артыкула 1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі канікулы – гэта планавыя перапынкі для адпачынку пры атрыманні адукацыі ў вочнай форме атрымання адукацыі, таму дамашнія заданні на канікулы не задаюцца.

19. Вядзенне класнага журнала, дзённікаў вучняў

Звяртаем увагу на тое, што з 1 верасня бягучага года выкарыстоўваюцца новыя тыпавыя формы:

класнага журнала для I–IV (V) і V (VI)–XI (XII) класаў, у тым ліку парадак вядзення класнага журнала, зацверджаныя пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2023 г. № 28 «Аб тыпавых формах класнага журнала»;

дзённіка вучня III–IV і V–ХІ класаў на рускай і беларускай мовах, у тым ліку парадак вядзення дзённіка, зацверджаныя пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 17 жніўня 2022 г. № 267 «Аб тыпавых формах дзённіка вучня» (у рэдакцыі пастановы Міністэрства адукацыіад 16 мая 2023 г. № 157).

Звяртаем увагуна тое, што ў 2023/2024 навучальным годзе ў УАСА выкарыстоўваюцца дзённікі вучняў, выдадзеныя паліграфічнымі прадпрыемствамі ў 2023 годзе ў адпаведнасці з тыпавымі формамі дзённіка вучня, а таксама дзённікі вучняў, выдадзеныя ў 2022 годзе па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі.

На сайце Міністэрства адукацыі размешчаны вокладкі дзённікаў, выдадзеных у 2022 годзе, а таксама пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 17 жніўня 2022 г. № 267 «Аб тыпавых формах дзённіка вучня» (са зменамі ад 16 мая 2023 г. № 157) (http://edu.gov.by/ Галоўная / Узроўні адукацыі / Агульная сярэдняя адукацыя /Упраўленне агульнай сярэдняй адукацыі / Інфармацыя / Дзённікі вучняў).

У выпадку прыняцця настаўнікам пачатковых класаў рашэння аб увядзенні ў II класе дзённікаў з мэтай запісу дамашняга задання, адпрацоўкі навыкаў акуратнага іх запаўнення лічым магчымым выкарыстоўваць дзённік вучня для III–IV класаў, зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 17 жніўня 2022 г. № 267 (у рэдакцыі ад 16 мая 2023 г. № 157). Выкарыстанне іншых дзённікаў (дзённічкаў) вучняў недапушчальна.

Арганізацыя адукацыйных мерапрыемстваў

Работа з высокаматываванымі і адоранымі вучнямі

У 2023/2024 навучальным годзе традыцыйна будуць праводзіцца:

рэспубліканская алімпіяда па вучэбных прадметах;

рэспубліканскі конкурс работ даследчага характару (канферэнцыя) вучняў па вучэбных прадметах;

рэспубліканскія турніры юных матэматыкаў і юных фізікаў;

алімпіяда школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная агульнасць»;

рэспубліканскія дыстанцыйныя мерапрыемствы на інтэрнэт-рэсурсе па суправаджэнні алімпіяд, турніраў і конкурсаў (http://olimp.adu.by) і іншыя мерапрыемствы.

Разделы сайта