Запомніўся суботні дзень вучням Вялікадолецкай дзіцячы сад – сярэдняй школы. Яны пабывалі на экскурсіі ў Бярэзінскім запаведніку. Гэта быў па-восеньску цёплы і запамінальны суботні дзень. Гасцінна расчыніў перад намі дзверы Музей прыроды ў вёсцы Домжарыцы. Асаблівым гонарам музея з’ўляецца вялікая ў рэспубліцы экспазіцыя птушак. Нам было цікава паслухаць пра іх апярэнне, пра асяроддзе пражывання і іх папуляцыю. Мы даведаліся пра самых вялікіх арланаў Беларусі. Дзе яны селяцца, чым харчуюцца, які ў іх узмах крылаў. Пабывалі мы і ў “Лясным заапарку”. У ім жывуць шмат дзікіх жывёл і птушак. Мы былі ў захапленні ад таго ,што нам дазволілі карміць маленькае ласяня і маму ласіху, аленя, зубра Валеру і мядзведзя Умку. З вышыні свайго доміка паглядала на нас рысь. Напэўна, хацела штосьці нам сказаць, але мы яе не пачулі. Працяглым выццём вітала нас сям’я ваўкоў. Маленькая белачка, якая бегала па клетцы, віталася з намі і прасіла пачастунак. З глыбокай ямы паглядалі на нас дзікія кабаны, але выходзіць да нас не спяшаліся. Жывёлы не баяліся браць з нашых рук яду. Асабліва ўразіў мядзведзь, які з працянутай лапай прасіў пачастунак. Вальеры з дзікімі жывёламі даюць магчымасць паглядзець жывых насельнікаў запаведніка ва ўмовах, блізкіх да іх прыроднага месца жыхарства. Большасць жывёл і птушак трапілі ў вальеры ў сувязі з той бядой, у якую яны папалі. Паглядзеўшы на выгляд жывёл, можна сказаць, што ім жывецца вальготна і добра.
Ад вучняў, якія наведалі Бярэзінскі запаведнік, хочам сказаць вялікі дзякуй настаўнікам Н.К.Спірыдовіч, М.Ю.Александровіч, а таксама нашаму вадзіцелю В.Л.Жванскаму за цікавую экскурсію.